Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

09.09.19

Тыдзень беларускага пісьменства

  Дзень беларускага пісьменства і друку з’яўляецца святам ў нашай краіне і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Упершыню свята пачало праводзіцца ў 1994 годзе ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі свята былі вядомыя культурныя цэнтры краіны: Тураў, Навагрудак,Заслаўль, Пінск, Шчучын…У 2019 годзе Дзень беларускага пісьменства  прымаў горад Слонім, які знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці.

     Менавіта ў кнігах, у словах паэтаў і пісьменнікаў адлюстроўваецца гісторыя народа. Беларусам ёсць чым ганарыцца - беларуская пісьменнасць мае шматвекавыя традыцыі. І можна з упэўненасцю сказаць, што з вуснаў кожнага грамадзяніна не павінна зыходзіць адно імя — імя самага знакамітага на ўвесь свет першадрукара-беларуса — Францыска Скарыны. Вядомыя таксама і іншыя дзеячы: Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Сымон Будны, Пётр Мсціславец…

   З нагоды гэтай падзеі ў нашай школе з 2 па 7 верасня прайшоў Тыдзень беларускага пісьменства і друку. У фае была арганізавана выстава “Асветнікі зямлі беларускай”, дзе вучні, настаўнікі, бацькі маглі пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю першадрукара. На перапынках настаўнікі беларускай мовы і літаратуры правялі  творчыя міні-конкурсы “Краса і сіла роднай мовы.”Настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры быў праведзены  цікавы аматарскі кінасеанс “У гасцях у “Беларусьфільма””, дзе вучні маглі паглядзець урыўкі фільма “Францыск Скарына”, відэаролікі пра гісторыю друкаванай кнігі.

    Ужо добрай традыцыяй стала ў нашай школе  запрашаць на творчую сустрэчу   у рамках Тыдня беларускага пісьменства і друку паэтку-зямлячку - Марыю Кобец. Цікава, што пісьменніцу называюць “Палескай Мадоннай з Валішча” бо нарадзілася яна на Піншчыне. Вучні IX-XI класаў задавалі розныя пытанні і з задавальненнем слухалі выступленне самой Марыі Уладзіміраўны. Яна расказала пра звесткі са свайго жыцця, прачытала ўласныя вершы пад музычнае суправаджэнне. Асаблівую ўвагу Марыя Уладзіміраўна надае сваёй перакладчыцкай дзейнасці. З задавальненнем і цікавасцю слухалі прысутныя пераклады вершаў паэткі на ўкраінскую, арабскую, пакістанскую, кітайскую мовы.Увогуле, атмасфера ў зале была па-сапраўднаму чароўнай.

            Завяршыўся Тыдзень беларускага пісьменства правядзеннем пазакласных мерапрыемстваў у рамках шостага школьнага дня. Для вучняў Vкласаў  былі праведзены  гонкі за ведамі “Па  слядах Скарыны”. Дзеці змаглі прасачыць шлях чалавецтва да друкаванай кнігі,замацавалі здабытыя веды ў гульнях  “Гарачая дваццатка”, “Перакладчыкі”, “Шыфравальшчыкі”. Напрыканцы мерапрыемства вучні пазнаёміліся з сучасным працэсам выдання кнігі праз прагляд  відэароліка “Як робяць кнігі?”.

   Заключным акордам Тыдня беларускай пісьменнасці і друку стала экскурсія “Пуцявінамі Паэта” у Музей Я.Коласа ў Пінкавічах. Шчыра і гасцінна вітала вучняў метадыст музея Жанна Мікалаеўна Верыч. З хваляваннем назіралі вучні за экспанатам са стогадовай гісторыяй, “Букварём”, па якім вучыў грамаце пінкавічан Канстанцін Міхайлавіч. Квэст-гульня, арганізаваная памочнікамі экскурсавода, развесяліла нашых падлеткаў, выклікала ў іх сапраўдны спартыўны дух...                     

    Выказваем падзяку вучням, настаўнікам, якія прынялі актыўны ўдзел у Тыдні беларускага пісьменства і друку. Праведзеныя  мерапрыемствы ў нашай школе вельмі   змястоўныя і цікаўныя. А самае галоўнае, што яны  прывіваюць любоў да Радзімы і роднай мовы.

 

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры

Больш фота

Раздзелы сайта

Наш видеоканал