Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

21.02.2019

Гучы, беларускае слова, часцей!

Займальна, пазнавальна і настраёва прайшоў Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай школе. Ужо толькі пераступіўшы парог, усе траплялі ў беларускамоўную атмасферу.

Акцыю “Гавары са мной па-беларуску!” падтрымалі і вучні, і настаўнікі, і работнікі сталовай, і тэхнічны персанал. Усе імкнуліся стварыць святочны настрой.

Амаль адначасова стартавалі акцыі “Маё любімае слова па-беларуску”“Цёплыя словы, добрыя рэчы будуць нам сёння вельмі дарэчы!” і квэст–гульня “Залаты талер”. Вучні і настаўнікі з задавальненнем і пісалі рознакаляровай  крэйдай свае любімыя словы па-беларуску, і слухалі паведамленне інфармацыйнай групы, іншы раз нават апладзіравалі, пачуўшы такія арыгінальныя словы па-беларуску, напрыклад, нэндза, станік ці вінда..

А вось лічбавая загадка на старце квэст –гульні “Залаты талер” збіла з тропу многіх васьмікласнікаў. Але самых настойлівых чакала перамога! Гэта VIII “Г” клас. Так трымаць і далей!

Свет адкрыты і босы

На Радзіме маёй,

Жаўруковыя росы і трава-зверабой,

Тут не хваляцца шчасцем,

Як жывецца-жывуць

І любыя напасці

Лекам песні звядуць.

Нельга не пагадзіцца з нашай зямлячкай Я.Янішчыц, што песня і лечыць, і цешыць, і радуе. І ў гэтым можна было ўпэўніцца, слухаючы, як спяваюць па-беларуску нашы дзеці. І ім, і нам гэта прыносіла сапраўднае задавальненне. Акцыя “Спяваем разам” прайшла на ўра!

І актыўны перапынак “Скачам беларускія! Танцуй, як Я!” аб’яднаў і малых, і дарослых. Жадаючых было дастаткова! Нашы маленькія і не вельмі маленькія беларускі і беларусы з такім імпэтам выконвалі полечку-трасуху, і брэйк-данс.

Пачаткоўцы таксама далучыліся да святкавання Дня роднай мовы. Першакласнікаў чакала гульня Па сцяжынках роднай мовы”. У гэты дзень весела правялі перапынкі і вучні другіх класаў. Колькі асалоды прыносяць дзецям гульні! Што ў  беларусаў ёсць сапраўдная скарбонка з пацешкамі, можаце не сумнявацца. Выклікала цікавасць сустрэча трэцякласнікаў з бабулей Аленай. Вучні пазнаёміліся з беларускім нацыянальным касцюмам, пацешкамі і  жартамі на роднай мове. Беларускія загадкі надоўга запомняцца вучням. Віктарына “Беларуская скарбонка”, гульня “Поле цудаў” далі магчымасць вучням III-IV класаў даведацца шмат цікавага пра гісторыю роднай мовы і роднага горада. Дзякуй педагогам пачатковай школы за цудоўныя мерапрыемствы, добры настрой, за павагу да беларускай мовы.

Заключным акордам Міжнароднага дня роднай мовы стаў удзел нашых навучэнцаў у рэспубліканскім конкурсе “Буслік-2019”, паўдзельнічалі ў якім сто пяцьдзясят чатыры вучні III-XI класаў.

   Упэўнены, што ўсе згодзяцца з тым, што беларускія святы неяк па-асабліваму шчырыя, радасныя, чуллівыя...

   Гучы, беларускае слова, часцей! І гэта проста: бяром і гаворым усе па-беларуску!

 

А.У. Корзун, Т.А.Тамільчык, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры,

Ж.У.Громава, настаўнік пачатковых класаў

дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №10 г.Пінска”

Яшчэ фота

Разделы сайта

Наш видеоканал