Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 23 па 28 лістапада 2020 года.
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. З самай раніцы пачаліся сюрпрызы: адгадаў беларускае слова – атрымай беларускую цукерку, выцягнуў прызавую латарэю з афарызмамі нашага земляка Георгія Марчука – атрымай дзявятку або дзясятку па беларускай літаратуры.
Акцыя “Фізкультхвілінкі па–беларуску” аб’яднала ўсю школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі іх на беларускай мове, а фізкульхвілінкі, якія, арыгінальныя і цікавыя, педагогі атрымлівалі пры ўваходзе ў школу. А яшчэ нельга было прайсці міма фотазоны “Інстаграм па-беларуску”, якая працавала на працягу ўсяго Тыдня, як і выставы “Пісьменнікам-юбілярам прысвячаецца…” ў бібліятэцы, як і акцыі “Размаўляй па-беларуску”.
Дэвізам другога дня стаў слоган “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”. Аказалася, што не так проста адкрываюцца “Скарбонкі мудрасці”, якія былі прадстаўлены ў выглядзе рэбусаў з назвамі гарадоў і птушак. Было цікава, але адгадак дакладных было не так і шмат. У гэты дзень стартаваў і анлайн-чэлендж “Радзіма ў маім сэрцы”, у якім прынялі ўдзел тыя, хто ўмее не толькі бачыць прыгажосць, але і зафіксаваць гэтыя імгненні на фота, згадзіцеся, на нашай Бацькаўшчыне такіх мясцін многа-многа, яны паўсюль. Умець бачыць – таксама талент.
Колькі досціпу, жартаў, самабытнасці беларусаў было на гульні “Чароўны квадрат”, якая праходзіла ў 6 “Б” класе! Шчаслівыя вочы дзяцей – сведчанне іх неабыякавасці і недарэмнасці нашай настаўніцкай працы, нашага агню. Як жа яшчэ іначай запаліць цікавасць да старажытнага свята “Багача”?
А вы бачылі здзіўленне і непадробны інтарэс дзесяці-, адзінаццацігадовых падлеткаў, якія ўпершыню на перапынку ў школе чуюць скрыпку і флейту, на якіх іграюць іх равеснікі, аднакласнікі і іграюць ( о, дзіва!) беларускія народныя песні!
Трэці дзень “Мова родная – мова модная”дадаў новых фарбаў Тыдню. Акцыя “Далучы сваю далонь” паказала шчырасць і неабыякавасць да лёсу мовы і Радзімы нашых падлеткаў. Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці, радасці, святла, міру – у большасці тых пажаданняў, што напісалі нашы вучні на далоньках.
Не так лёгка, як потым падзяліліся інтэрв’еры, браць і даваць інтэрв’ю з запісам на электронны носьбіт. Удзельнікі інтэрв’ю “Загавары па-беларуску” паднялі не надта лёгкія пытанні актывізацыі ўжытку беларускай мовы.
Стартаваў і анлайн-конкурс “Паэзіі радок чароўны”, у якім прынялі ўдзел вучні, якія любяць выразна чытаць і ўмеюць гэта рабіць. Была створана суполка з педагогаў, якія да канца Тыдня галасавалі, абіраючы самыя-самыя шчырыя, самыя артыстычныя выстуленні.
А вось пачаткоўцы нашы вандравалі ў гэты дзень па краіне беларускіх казак. І спасцігалі вопыт нашых продкаў.
Вялікую цікавасць у прысутных выклікала прэзентацыя навукова-даследчых работ “Фанфікшн як з’ява сучаснай літаратуры”, “Нікнэйм як новы від антрапонімаў”, “ Білінгізм як з’ява (Дзе жыве беларуская мова ў ваколіцах Пінска?)”. І калі вашы слухачы на выхадзе пытаюцца, а калі такая сустрэча будзе зноў?, хіба гэта не вынік укладзенай энергіі і не надзея, што ёсць сярод нашых навучэнцаў тыя, хто дапаможа нам рабіць новыя адкрыцці?
Музабоз плюс флэшмоб – і нельга ўтрымацца, не кінуцца ў скокі на акцыі “Беларусь мая сінявокая”. Колькі сучасных танцавальных кампазіцый ёсць на беларускай мове!!! Адкрывайце сабе сваё, беларусы!
З пяціхвілінак, прысвечаных Уладзіміру Караткевічу, пачаўся дзень чацвёрты, дэвізам якога былі абраны радкі “Быў. Ёсць. Буду”. Інсталяцыя, аформленая да 90-годдзя з дня нараджэння Караткевіча, спыняла, прыцягвала, абуджала цікавасць, жаданне сфатаграфавацца. І, магчыма, прачытаць яго казку, верш, п’есу, апавяданне…
Своеасаблівым фіналам гэтага дня стаў літаратурна-музычны кактэйль “І не ўміраць паэтам вечна”, прысвечаны яму, імянінніку 26 лістапада, і праведзены ў 7 “А” класе ва ўмовах імправізаванай літаратурнай кавярні. Дзіва, цуд, адкрыццё – тыя словы, якія выклікала імпрэза ў вучняў, асалода, здзіўленне, адкрыццё – тыя пачуцці, што выклікала мерапрыемства ў настаўнікаў. І пытанні: хто ж гэты пісьменнік, паэт, сцэнарыст… Адкрывальнік Беларусі, яе вялікі Патрыёт? Чытаць, адкрываць, слухаць музыку, устанавіць сабе на тэлефон песні на вершы Караткевіча… Запомніць!
Пятніца прайшла пад дэвізам “Дызайн па-беларуску”. Пачаўся ён з двух конкурсаў, практычна адначасова: “І тчэ, забыўшыся, рука…”(конкурс вышываных сурвэтак з сімваламі Беларусі) і “Вокладка любімага твора”. Вочы разбягаліся, сэрца радавалася, гледзячы на такія арыгінальныя вокладкі і такія вытанчаныя сімвалы дабрабыту, сонца… Колькі таленавітых дзяцей і неабыякавых бацькоў ёсць у нашай школе! Вялікі дзякуй і педагогам працоўнага навучання за тое, што навучылі мастацтву дзяўчынак!
Шосты дзень прайшоў пад дэвізам “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і завяршыўся інтэрактыўнай гульнёй “Гонкі за ведамі”. Цікава было і дзецям, і дарослым адгадваць, што гэта такое ядуць і з чаго гатуюць ежу беларусы, што яны апранаюць, якім парфумам карыстаюцца. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна запомнілі, што мы – БЕЛАРУСЫ. Што мы – самабытны, таленавіты народ.
І Вы, калі ласка, зрабіце адкрыццё, якое зрабіў нам, беларусам, прарок Караткевіч: “ На Беларусі Бог жыве. І давеку няхай жыве!” І ў нас ёсць усё, каб шчаслівымі быць!
Святочныя імгненні =>