Ты душа Беларусі – беларуская мова…
Настрой свята, узнёсласці, радасці напаўняе душу, калі чуеш “гаючыя” словы роднай песні. Сустракаем беларускімі песнямі па традыцыі ўсіх, хто заходзіць раніцай у школу, на святы мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры нашай дзясятай школы . Учарашні Дзень роднай мовы – падцвярджэнне гэтаму. Энергічная раніца атрымала працяг у традыцыйнай рабоце інфармацыйнай групы( мяняецца склад групы, а ідэя – не), бо асветніцкая дзейнасць у неабходнасці захавання Міжнароднага свята роднай мовы павінна быць, пра гэта ведаюць не ўсе. Да Міжнароднага дня роднай мовы прымеркаваны ўсе мерапрыемсвы, якія праводзіліся настаўнікамі беларускай мовы і класнымі кіраўнікамі, бібліятэкарамі нашай установы, усімі, каму неабыякавы лёс нашай беларускай мовы.
Добрай традыцыяй стала калектыўнае выкананне Дзяржаўнага Гімна. Нездарма кажуць, што наша сіла ў еднасці, а ўсё, што нас аб’ядноўвае, мацуе наш дух, нашу сілу, нашу краіну.
Фотазона на гэты раз была размешчана ў рэкрэацыі другога паверха, дарэчы, там знайшла сабе месца і выстава “Час чытаць на роднай мове”, якая прэзентавала самыя папулярныя кнігі беларускіх аўтараў. Фотазона як і звычайна, прыцягвала ўвагу тых, хто любіць фота ў цікавым аздабленні.
Жывыя музычныя перапынкі прыжыліся таксама: на нашых святах гэта візітоўка ВМА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Інструментальная музыка, калектыўныя спевы, падпяванне, падтанцоўванне – хіба гэта не кранае, не аб’ядноўвае нас, такіх розных, не робіць нас шчаслівейшымі? Жывое гучанне скрыпкі, саксафона, флейты, упэўнена, чулі не ўсе. А тут вось, побач, стаіць той, з кім ты, магчыма, вучышся ў адным класе, і выдае такія трэлі…
Другі год жыве і акцыя “Напішам дыктант разам”, у якой прымаюць удзел пераважна старшакласнікі, і мы ўпэўніліся, што ў гэтым працэсе калектыўнага пісьма ёсць нейкая магія.І гэтую магію павагі да беларускай мовы, беларускай музыкі, беларускай літаратуры і культуры выпускнікі нашай школы панясуць з сабой.
Для падлеткаў стала прыцягальнай акцыя “Далучы сваю далонь”, пад час якой вучні пішуць на папяровых далоньках пажаданні мове.
У гэтым годзе некалькі змяніла фармат акцыя “Самае цікавае слова па-беларуску”, бо такія “сакавітыя, смачныя” словы нашы маладыя людзі збіралі, беручы інтэр’ю ў педагогаў нашай вялікай школы.
Інтэрактыў “Мая родная- мова модная” для вучняў 6-7 класаў падарыў дзяцям радасныя эмоцыі і пэўна, панясуць дзеці дадому і новыя беларускія словы, і добры настрой.
Такім чынам, мерапрыемствы Плана Міжнароднага дня роднай мовы праведзены на высокім арганізацыным і метадычным узроўнях, і гэта вясомы ўнёсак у сістэму працы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па папулярызацыі беларускай мовы,па павышэнні інтарэсу навучэнцаў да нацыянальнай культуры, па садзейнічанні фарміраванню беларускамоўнага слоўніка навучэнцаў установы адукацыі.
Падцвярджэнне ўсяму апісанаму – фотакалаж самых яркіх момантаў нашага свята, які прыкладаецца.